Крысціна Шыяно

Як сталася, што Вы пачалі працаваць вуснай перакладчыцай і працаваць з мігрантамі? Што Вам найбольш падабаецца ў гэтай працы?

Стаць судовай перакладчыца было маёй марай і своеасаблівай жыццёвай мэтай, бо гэта прафесія, у якой спалучаюцца юрыспрудэнцыя і лінгвістыка. Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе я пяць гадоў вывучала чэшскую мову і літаратуру, у той час не прапаноўваў для славянскіх моў спецыяльнасць пісьмовы і вусны пераклад. Па сутнасці, яе дагэтуль не прапаноўвае ніводзін беларускі універсітэт. Таму я вырашыла працягнуць вучобу ў Карлавым універсітэце. Я скончыла бакалаўрыят па спецыяльнасці міжкультурная камунікацыя, а пасля магістратуру па спецыяльнасці пісьмовы і вусны пераклад — і першае, і другое на базе інстытута перакладазнаўства. Яшчэ падчас вучобы я сутыкнулася з камунальным (сацыяльным) вусным перакладам. Калі каротка, гэта вусны пераклад для мігрантак і мігрантаў у розных установах. Мне падабалася, бо ты можаш бачыць вынік сваёй працы, як зіхацяць ад шчасця вочы замежніцы ці замежніка, які дзякуючы якаснаму вуснаму перакладу аформіў ва ўстанове усё неабходнае. У той жа час я была сведкай фрустрацыі, якая прымушае нядаўна прыбылых звяртацца да “пасярэднікаў” і, такім чынам, запавольвае іх інтэграцыю ў чэшскае грамадства. Камунальны вусны пераклад прадугледжвае, між іншым, дадатковае тлумачэнне бакам камунікацыі рэалій, разуменне якіх неабходнае для паспяховай камунікацыі. Гэта і ёсць той інтэграцыйны элемент, які мне падабаецца ў працы з мігранткамі і мігрантамі.

Вы далучыліся да праекта “Новы дом у Чэхіі, AMIF_15_04”, які накіраваны на забеспячэнне інтэграцыйных семінараў для асобаў, за якімі прызнаная патрэба ў міжнароднай абароне. У межах праекта Вы некалькі разоў працавалі перакладчыцай з/на рускую мову. Колькі семінараў Вы адперакладалі ў межах праекта і для якой мэтавай групы?

Бенефіцыяркі і бенефіцыяры міжнароднай абароны уяўляюць з сябе ўразлівую групу, якая у параўнанні з іншымі тыпамі міграцыі патрабуе большай падтрымкі. З іншага боку, падтрымка можа весці да таго, што асоба, за якой прызнаны статус уцекача ці патрэба ў дадатковай абароне, будзе ва ўсім разлічваць на сацыяльнаую работніцу ці работніка. Я думаю, што сэнс інтэграцыйна-адаптацыйных курсаў “Новы дом” выдатна адлюстроўвае показка “дай чалавеку рыбу — і ты накорміш яго на адзін дзень, дай яму вуду, навучы яго лавіць рыбу — і ты накорміш яго на ўсё жыццё”. Курсы служаць для таго, каб пазнаёміць бенефіцыярак і бенефіцыяраў міжнароднай абароны з тым, як што ў Чэхіі працуе, каб яны пераадолелі сваю фрустрацыю перад новым і невядомым і пачалі больш верыць у сябе, іншымі словамі, “навучыліся вудзіць рыбу”. Я далучылася да праекта “Новы дом”, таму што ён дапамагае мяняць якасць жыцця людзей, для якіх “новым домам” стала Чэхія. На сёння за мной пяць адперакладаных семінараў, два з якіх былі для рускамоўных удзельніц і ўдзельнікаў з розных постсавецкіх краін і тры непаспрэдна для людзей з Беларусі, якія пацярпелі ў паслявыбарчых дэманстрацыях ўлетку 2020 года і знайшлі прытулак у Чэхіі.

Якім Вам падаўся вусны пераклад у межах праекта? У чым вусны пераклад гэтых семінараў для Вас адрозніваўся ад іншых мерапрыемстваў (семінараў, трэнінгаў, майстроўняў і інш.), якія Вы перакладалі?

Асобы, за якімі прызнаная патрэба ў міжнароднай абароне, — гэта даволі спецыфічная мэтавая група, якая патрабуе ад перакладчыцы ці перакладчыка большай ступені суперажывання, разумення патрэбаў і адчуванняў чалавека, якому праз несправядлівы пераслед давялося назаўсёды пакінуць дом, а часам і сям’ю, і потым прайсці праз працэдуру прадастаўлення прытулку, якая мае сваю спецыфіку і можа быць для ўцякачкі ці ўцекача дадатковым псіхалагічным цяжарам. Таксама варта ўлічваць, што група можа быць неаднастайнай. Нехта будзе гатовы засвойваць інфармацыю пра жыццё ў Чэхіі, нехта можа быць усё яшчэ думкамі на сваёй радзіме, таму ступень увагі з боку рэцыпіентак і рэцыпіентаў вуснага перакладу можа адрознівацца. Яны могуць не мець аднолькавага жыццёвага досведу альбо інтэлектуальнай эрудыцыі. Такім чынам, перакладчыца ці перакладчык павінны ўмець выбраць прыдатны стылістычны рэгістр. Калі відавочна, што група альбо яе частка наогул не разумее нейкае паняцце, тады неабходна перакласці яго праз апісанне ці пры дапамозе сінанімічнага выразу.

Як вы ацэньваеце праведзеныя інтэграцыйныя семінары, якія Вы перакладалі, і іх карысць для мэтавай групы?

Праз гігіенічна-эпідэміялагічныя меры ўсе курсы, якія я перакладала, праходзілі ў анлайн-фармаце, і ўдзельніцыі і ўдзельнікі мелі магчымасць пакінуць пры жаданні камеру выключанай. Таму мне цяжка ацаніць, наколькі яны былі задаволеныя семінарам. Што тычыцца зместу курсаў, лектаркі заўсёды імкнуліся мадыфікаваць семінар з улікам актуальных патрэб канкрэтнай групы. Таму я лічу праведзеныя курсы практычнымі і карыснымі.

Як Вы б прапанавалі палепшыць семінары на будучыню? Што б Вы памянялі ў іх ці зрабілі б інакш?

Мяркую, было б добра, каб тыя, хто зацікаўлены ў семінары, мелі магчымасць ужо на этапе рэгістрацыі акрэсліць тэмы, якія ім найбольш цікавыя. Лектаркі і лектары тады б наперад ведалі, на чым варта засяродзіццца, а што, наадварот, прамінуць ці прайсціся па вярхах. З прычыны магчымых адрозненняў у рэаліях асобных краін, а таксама моўных адрозненняў для перакладчыц і перакладчыкаў важна ведаць, адкуль удзельніцы і ўдзельнікі курса паходзяць. Руская мова, на якой размаўляе, напрыклад, беларускамоўны беларус альбо ўкраінамоўная ўкраінка, дакладна будзе адрознівацца ад больш натуральнай рускай мовы карэннага масквіча альбо, напрыклад, ад “каўказскай” рускай мовы.

Як Вы лічыце, што самае галоўнае, што неабходна бенефіцыярам міжнароднай абароны пасля прыбыцця ў новую краіну?

Псіхалагічная падтрымка. Я ведаю, што няўрадавая арганізацыя “ІнБазэ, з. с.” працяглы час прапоўвае прыбылым мігрантам з рознымі тыпамі дакументаў на пражыванне адмысловую псіхатэрапію (TEP) на чэшскай, рускай, украінскай, англійскай, французскай, узбекскай, нямецкай і гішпанскай мовах. Я пераехала ў Чэхію ў 2009 годзе, на той момант нічога такога не было. Яшчэ адна рэч, якую я лічу важнай напачатку, — гэта магчымасць кантакту з дыяспарай. Мне падаецца цудоўным, што семінары “Новы дом” прадугледжваюць “крэсла для госця” з шэрагу дыяспары, які з’яўляецца не толькі прыкладам паспяховай інтэграцыі, але і сувязным звяном паміж прыбылымі і аселай супольнасцю ці нацыянальнай меншасцю.

Вы таксама супрацоўнічаеце з Міністэрствам унутраных спраў Чэхіі ў межах сталай медычна-гуманітарнай праграмы MEDEVAC, якую каардынуе Міністэрства унутраных спраў Чэхіі і якая накіравана на забеспячэнне медычнай дапамогі ўразлівым групам насельніцтва. Што Вы робіце ў праграме і што з’яўляецца Вашай дзейнасцю?

Калі ўлетку 2020 года рэпрэсіўны апарат Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам ужыў супраць уласнага народа беспрэцэдэнтны гвалт, мы звярнуліся да чэшскага ўрада, асобных міністэрстваў і некаторых чэшскіх палітычак і палітыкаў з просьбай аб дапамозе беларускай грамадзянскай супольнасці. Адзін з пунктаў, які я асабіста прасоўвала, была дапамога параненым беларускам і беларусам, многія з якіх пацярпелі ад вырабленых у Чэхіі светла-шумавых гранат, якія выкарыстоўваліся рэпрэсіўнымі сіламі. Пасля таго, як мы займелі падтрымку чэшскага ўрада, пачалося абмеркаванне фармату гэтай дапамогі, і нарэшце было вырашана, што яна будзе ажыццяўляцца праз медычна-гуманітарную праграму MEDEVAC. Я ўдзельнічала ў Гуманітарным кансіліуме, які камунікаваў з ахвярамі, і аказвала ў межах праграмы шэраг паслуг, у тым ліку перакладчыцкія. З прычыны бяспекі я не магу пракаментаваць больш падрабязна. Цяпер ідзе другі этап праграмы, якая гэтым разам скіраваная на дапамогу рэпрэсаваным беларускім медыкам. Акрамя вуснага перакладу, я таксама раблю засведчаныя пераклады дакументаў аб адукацыі, што з’яўляецца звычайнай дзейнасцю судовай перакладчыцы.

Калі вярнуцца да семінараў “Новы дом у Чэхіі”, у чым, на Вашу думку, беларуская мэтавая група, для якой Вы перакладалі, была спецыфічная?

Варта згадаць пра моўную сітуацыю ў Беларусі, дзе фармальна існуюць дзве дзяржаўныя мовы (беларуская і руская), прычым беларуская на дзяржаўным узроўні дыскрымінуецца, а часам і прыгнятаецца. Людзей, якія ў паўсядзённым жыцці размаўляюць па-беларуску, часта разглядаюць як палітычную апазіцыю і могуць ужыць неабгрунтаваныя рэпрэсіі. Вядома, што ў менскім ізалятары на Акрэсціна, дзе трымалі ўдзельніц і ўздзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў, беларускамоўных людзей збівалі і катавалі больш. Таму я думаю, што ў выпадку беларускіх груп неабходна забяспечваць перакладчыцу ці перакладчыка, у каго абедзве мовы працоўныя, каб беларускамоўныя бенефіцыяркі і бенефіцыяры міжнароднай абароны пачуваліся камфортна і маглі задаваць пытанні на роднай мове. Неабходна таксама ўлічваць магчымае адрознае ўспрыняццё ролі дзяржавы, працы чыноўнікаў, сілавых структур і, не ў апошнюю чаргу, некамерцыйных арганізацый, што абумоўлена тым, што ў Беларусі 27 гадоў пануе дыктатура. Такія тэрміны, як “сацыяльны работнік” або “міжкультурная работніца” будуць, хутчэй за ўсё, патрабаваць дадатковых тлумачэнняў. З групамі, для якіх я мела магчымасць перакладаць, ужо папрацавалі псіхалагіні і псіхолагі ў межах праграмы MEDEVAC. Увогуле ж людзі з Беларусі могуць быць недаверлівымі і закрытымі, бо часта баяцца, што хтосьці іх можа выдаць альбо пераследваць, нават калі яны атрымалі міжнародную абарону.

Што б вы сказалі замежнікам, якія прыехалі ў Чэхію, каб знайсці тут свой новы дом?

Паўтару тое, што звычайна гучыць на семінарах “Новы дом”. Па-першае, пазбягайце пасярэдніц і пасярэднікаў і карыстайцеся толькі праверанымі крыніцамі інфармацыі і афіцыйнымі паслугі замежнікам і замежнікам, якія прапаноўвае дзяржава альбо некамерцыйныя арганізацыі. Па-другое, не ўспрымайце інтэграцыю як неабходную асіміляцыю. Інтэграцыя — гэта такі спосаб адаптацыі, калі мігрантка ці мігрант прызнае, што веданне і прыняцце культуры краіны знаходжання, у нашым выпадку Чэхіі, для яго важна, але ў той жа час можа захаваць і ўласную культуру. Я думаю, што беларуская супольнасць, якая жыве ў Чэхіі, можа быць прыкладам такой адаптацыі. Па-трэцяе, прытрымлівайцеся прынцыпу “новая мова — гэта новае жыццё”, і пачніце вывучаць чэшскую мову як мага хутчэй. Чэшская мова — ключ да інтэграцыі. І памятайце, дарогу здужае той, хто ідзе. Знаходжанне тут азначае, што вы ўжо прайшлі доўгі шлях. З астатнім вы абавязкова дасцё рады! Галоўнае верце ў сябе.